Геаграфія Саудаўскай Аравіі
Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Саудаўская Аравія займае 12 месца ў свеце па плошчы, апярэджваючы Мексіку, саступаючы ДР Конга, буйнейшая краіна Паўднёва-Заходняй Азіі. Займае большую частку буйнейшага ў свеце Аравійскага паўвострава, за выключэннем яго паўднёвых і ўсходніх абласцей. Паколькі межы краіны ў пустынных раёнах дакладна не вызначаны, звесткі аб яе плошчы ў розных крыніцах могуць адрознівацца.
Мяжуе з Іарданіяй на поўначы, Іракам, Катарам, Кувейтам і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі на ўсходзе, Аманам і Еменам на поўдні. Абмываецца Персідскім залівам на паўночным усходзе і Чырвоным морам на захадзе.
Астравы Саудаўскай Аравіі — Фарасан, Санафір, Тарут і інш.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Рэльеф
[правіць | правіць зыходнік]Саудаўская Аравія займае большую частку Аравійскага паўвострава. Паверхня краіны ўяўляе сабой пласкагор’е, якое ўздымаецца над Чырвоным морам лініяй глыбавых гор Хіджаз. На поўдні Хіджаза паблізу еменскай мяжы ў гарах Асір знаходзіцца найвышэйшы пункт краіны — пік Джабаль Сауда, 3133 м у вышыню. Паміж гарамі і берагам Чырвонага мора цягнецца вузкая нізіна Ціхама каля 70 км у шырыню. На ўсходзе горы паступова паніжаюцца ў бок Персідскага заліва. Ва ўнутраных раёнах гэта плато Неджд, дзе лававыя палі, масівы граніту, пясчаніку і вапняку ствараюць шматлікія плато і сталовыя ўзвышшы. На персідскім узбярэжжы пласкагор’е пераходзіць у нізіну Эль-Хаса да 150 км у шырыню.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Клімат трапічны, на поўначы — субтрапічны, пустынны або паўпустынны. Надзвычайна высокая тэмпература і адсутнасць ападкаў характэрны для большай часткі краіны. Лета паўсюль надзвычай спякотнае: летнія тэмпературы вышэй за 50 °C — звычайная справа. Сярэдняя летняя тэмпература ліпеня ад 27 °C да 43 °C. Узімку сярэдняя тэмпература ў сярэднім складае +10 °C, але фіксаваліся паніжэнні да −11 °C, калі выпадаў снег. На поўначы заўважны рэзкія кантрасты сезонных тэмператур. На поўдні ўзімку сярэдняя тэмпература трымаецца каля +20 °C. Начная тэмпература ў пустынях можа быць нізкай нават летам, з-за таго што пясок хутка аддае цяпло пасля заходу сонца. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — каля 80—110 мм, прычым большая частка выпадае ў горных раёнах. Пры тым што ападкаў няшмат, існуе мажлівасць нечаканых паводак. У Эр-Рыядзе ўсе 100 мм ападкаў выпадаюць паміж студзенем і маем, у Джадаху (54 мм) — паміж лістападам і студзенем. Адзіны няблага ўвільготнены раён — горы Асір на паўднёвым захадзе краіны (300—500 мм ападкаў).
Унутраныя воды
[правіць | правіць зыходнік]Сталых паверхневых вадацёкаў няма. Ручаі і рэкі звычайна напаўняюцца пасля рэдкага дажджу. З гор яны імкліва сцякаюць у мора і хутка высыхаюць. Сухія вадацёкі — вадзі — напаўняюцца вадою толькі пасля залеваў. На тэрыторыі Эль-Хасы багата крыніц, што жывяцца артэзіянскімі водамі і абвадняюць аазісы.
Расліннасць і жывёльны свет
[правіць | правіць зыходнік]Амаль усю краіну займаюць пустыні Руб-эль-Халі, Дэхна, Вялікі Нефуд, Эль-Хаса, Джафура. Большая частка тэрыторыі пустынь пазбаўленая расліннага покрыва. Расліны сустракаюцца эпізадычна. Характэрныя розныя віды палыну, акацыі, вярблюджая калючка, багаткі, ююба, саксаул, тамарыску. У гарах Асіра — участкі саван, дзе растуць акацыі, дзікія масліны, міндаль. Фаўна прадстаўлена антылопамі бейза, газэлямі, дзікім аслом, гіенамі, шакаламі, каракаламі, пустыннымі лісамі, аравійскім ваўком, аравійскай кобрай.
Вядомы нацыянальны парк Асір, дзе захоўваюцца такія амаль зніклыя віды дзікіх жывёл, як орыкс (сернабык) і нубійскі горны казёл.