Перайсці да зместу

Геном

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Геном — адзінарны (гаплоідны) храмасомны набор з лакалізаванымі ў ім генамі; асноўная генетычная і фізіялагічная сістэма дадзенага віду арганізмаў. У адрозненне ад генатыпа, геном уяўляе сабой характарыстыку віда, а не асобнага арганізма. Тэрмін прапанаваны ў 1920 годзе нямецкім біёлагам Гансам Вінклерам.

Пад геномам прынята разумець сукупнасць генаў, засяроджаных у храмасомах, без уліку спадчынных дэтэрмінант, звязаных са структурамі цытаплазмы. У гаметах дыплоідных арганізмаў, а таксама ў клетках гаплоідных арганізмаў змяшчаецца адзін геном; у саматычных клетках дыплоідных арганізмаў — два геномы. З павелічэннем ступені плоіднасці клетак расце колькасць геномаў.

Пры апладненні адбываецца аб’яднанне геномаў бацькавых і матчыных гамет. Як правіла, геномы, атрыманыя ад бацькоўскай і мацярынскай гамет, гамалагічныя. Гамалогія паміж усімі ці некалькімі геномамі адсутнічае толькі ў аддаленых гібрыдаў.

Пад абсалютнай гамалогіяй дзвюх гамет разумеюць супадзенне лінейнага размяшчэння генаў у кожнай храмасоме. Наяўнасць такога супадзення забяспечвае магчымасць нармальнай кан’югацыі храмасом пры меёзе.

Змены колькасці храмасом (напрыклад, поліплаідызацыю, павелічэнне колькасці або выпадзенне асобных храмасом) завуць геномнымі мутацыямі. Арганізм, у якога некалькі разоў паўтараецца адзін і той жа геном, называецца аўтапаліплоідам. Арганізм, у якім аб’яднаны розныя геномы, называецца алапаліплоідам.

Для вызначэння колькасці і падабенства геномаў у розных відаў выкарыстоўваюць геномны аналіз.

  翻译: