Палітыка
Палітыка | |
---|---|
Вывучаецца ў | паліталогія, навука пра ўзаемадзеянне[d], political sociology[d] і палітычная гісторыя[d] |
Stack Exchange site URL | politics.stackexchange.com |
Процілегла | non-politics[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Палі́тыка (грэч. πολιτικός — дзяржаўныя, грамадскія справы, ад грэч. πολίτης — грамадзянін, далей ад грэч. πόλις — горад; стар.-грэч. λόγος — думка, прычына) — арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера дзейнасці, звязаная з размеркаваннем і ажыццяўленнем улады, рэгуляваннем грамадскіх адносін.
Тэрмін стаў пашыраным пад уплывам трактата Арыстоцеля «Палітыка». Як спецыфічны від дзейнасці ўзнікла разам з дзяржавай. Напачатку палітыкай называлі дзейнасць дзяржавы ўнутры краіны і за яе межамі, узаемадзеянні паміж грамадскімі сіламі, імкненні розных сацыяльных груп да заваявання, утрымання і выкарыстання ўлады, да захавання або разбурэння соцыуму. Сучасная палітыка мае мнагамерны характар і выступае ў трох асноўных аспектах: як сфера грамадскага жыцця; як найважнейшы від сацыяльнай актыўнасці грамадскіх суб’ектаў; як від грамадскіх адносін, узаемаадносін паміж асобамі, сацыяльнымі групамі, класамі, нацыямі, дзяржавамі.
Змест палітыкі складаюць: адносіны паміж сацыяльнымі суб’ектамі наконт улады, інтарэсы; тэарэтычныя, ідэалагічныя і духоўныя каштоўнасці (найбольш важныя: свабода, дэмакратыя, правы чалавека, сацыяльная справядлівасць, салідарнасць і г.д.).
Палітычная навука
[правіць | правіць зыходнік]Палітычная навука ці паліталогія — навука аб палітыцы, аб заканамернасцях развіцця палітычнага працэсу, палітычнай сістэмы і ўлады; аб сутнасці, формах і метадах дзейнасці ўсіх суб’ектаў палітыкі. Вывучае палітычнае жыццё грамадства, палітычныя працэсы, сістэмы і з’явы, дзейнасць людзей, якая накіравана на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады. Як навука склалася да сярэдіны XX ст.
Структура палітыкі
[правіць | правіць зыходнік]Існуюць розныя тыпалогіі структуры палітыкі. Згодна адной з іх, самастойнымі элементамі палітыкі з’яўляюцца:
- палітычная свядомасць, якая адлюстроўвае з’явы, працэсы, законы, тэндэнцыі развіцця палітычнай рэчаіснасці. Палітычная дзейнасць дзяржавы гэта працэс пераўтварэння ў жыццё палітычных ідэй і тэорый;
- палітычныя інстытуты — гэта арганізацыі і ўстановы (дзяржава і яе органы, палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і рухі і г.д.);
- палітычныя адносіны — сувязі паміж грамадзянамі і ўладаю, паміж невялікімі і значнымі сацыяльнымі групамі, паміж дзяржаваю і грамадзянскай супольнасцю.
Згодна другой тыпалогіі вылучаюць:
- эканамічную палітыку (прамысловая, сельскагаспадарчая, фінансавая, у галіне транспарту і сувязі і інш.);
- сацыяльную палітыку (аховы здароўя, бытавога абслугоўвання);
- культурную палітыку (адукацыя, навука, мастацтва).
Наступная падзяляе палітыку на:
- унутраную — рэгуляванне эканамічных, сацыяльных, палітычных адносін паміж людзьмі ў пэўным грамадстве;
- знешнюю — накіраваную на бяспеку дзяржавы, рэалізацыю ўнутраных мэтаў;
- сусветную або міжнародную, з мэтай вырашэння задач, якія стаяць перад сусветнай супольнасцю.
Акрамя таго, палітыку можна падзяліць на: спецыялізаваную, прыватную, несамастойную (да яе адносяцца: гаспадарчая, сямейная, культурная, падатковая, навуковая і г.д.), «чыстую палітыку» (вытвараецца ўрадам, заканадаўчымі органамі).
У залежнасці ад узроўню і для характарыстыкі вымярэнняў палітычнай прасторы вылучаюць: мегапалітыку (звязана з палітычнай дзейнасцю на ўзроўні найвышэйшых суб’ектаў — міжнародных аб’яднанняў і арганізацый, адносіны на глабальным узроўні, механізмы дзейнасці міжнародных соцыумаў); макрапалітыку (дзейнасць на ўзроўні базавых суб’ектаў палітычнага жыцця — дзяржаў, нацый, класаў, сацыяльных груп і інш., абмежаваных адміністрацыйна-прававымі межамі публічнай улады); мікрапалітыку (узаемаадносіны асоб малых груп, унутраныя механізмы групавой дынамікі і індывідуальных паводзін).
Функцыі палітыкі
[правіць | правіць зыходнік]Функцыі палітыкі:
- пазнавальная — пазнанне палітычнай рэчаіснасці, даследаванне прыроды і крыніц улады;
- кіравання — вызначаюцца кірункі эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага развіцця грамадства;
- прагнастычная — распрацоўваюцца перспектывы развіцця;
- інтэграцыйная — для аб’яднання груп грамадства на падставе ідэй;
- мабілізацыйна-арганізатарская — з мэтай вырашэння задач;
- ідэалагічная — распрацоўка грамадскага ідэала;
- выхаваўчая — уключэнне чалавека ў палітычнае жыццё;
- аналітычная — аналіз вынікаў палітычнай дзейнасці розных палітычных суб’ектаў;
- аксіялагічная — ацэнка палітычных працэсаў, з’яў, дзеянняў палітыкаў;
- інавацыйная — творчае ўразуменне палітычнай рэчаіснасці, спосабаў і метадаў яе змянення.
Палітычныя сістэмы і ідэалогіі
[правіць | правіць зыходнік]У свеце вядома каля 20 палітычных і ідэалагічных сістэм:
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бубнаў Ю. М., Пушкін І. А. Паліталогія: Курс лекцый. — Магілёў: УА МДУХ, 2006. — 176 с.
- Катляроў І. В. Палітыка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палітыка