Перайсці да зместу

Польская мова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Польская мова
Саманазва język polski, polszczyzna
Краіны Польшча, ЗША, Германія, Украіна, Беларусь, Літва, Канада, Ізраіль, Расія, Латвія, Бразілія, Вялікабрытанія, Ірландыя, Францыя, Нідэрланды, Чэхія, Нарвегія, Аўстралія
Афіцыйны статус

 Польшча
Арганізацыі:

 Еўрапейскі Саюз
Арганізацыя, якая рэгулюе Рада польскай мовы
Агульная колькасць носьбітаў
  • 39 700 000 чал. (2019)
Рэйтынг 25
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Славянская галіна
Заходнеславянская група
Ляхіцкая падгрупа
Пісьменнасць лацініца (польскі алфавіт)
Моўныя коды
ДАСТ 7.75–97 пол 540
ISO 639-1 pl
ISO 639-2 pol
ISO 639-3 pol
WALS pol
Ethnologue pol
ABS ASCL 3602
IETF pl
Glottolog poli1260
Вікіпедыя на гэтай мове

По́льская мо́ва (польск.: język polski) — адна з заходнеславянскіх моў, нацыянальная мова палякаў, дзяржаўная мова Рэспублікі Польшча.

Разам з чэшскай, славацкай, верхнялужыцкай і ніжнялужыцкай мовамі належыць да заходнеславянскіх моў, уваходзіць у г. зв. лехіцкую падгрупу (разам з палабскай мовай, зніклай у XVIII ст., са славінскімі дыялектама, асіміляванымі польскай мовай у першай палове XX ст., і кашубскімі гаворкамі, якія таксама вылучаюць у асобную славянскую мікрамову).

Польская мова

Ведае польскую мову каля 50 мільёнаў чалавек (паводле колькасці носьбітаў займае 3-е месца сярод славянскіх моў, пасля рускай і ўкраінскай). Яна з’яўляецца дзяржаўнай мовай Польшчы (тут на ёй гавораць звыш 38 млн чалавек), а таксама Еўрапейскага Саюза. Некалькі мільёнаў польскамоўнага насельніцтва жыве за мяжой: у Германіі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Францыі, Нідэрландах, у краінах былога СССР — Літве, Беларусі, Расіі, Украіне, а таксама ў ЗША, Лацінскай Амерыцы, Аўстраліі.

Польская літаратурная мова фармуецца на базе вялікапольскіх, малапольскіх і мазавецкіх гаворак. Паводле перыядызацыі развіццё літаратурнай мовы падзяляецца на наступныя этапы:

  • Старпольскі перыяд — з сяр. ХІІ да пач. XVI стагоддзя.
  • Сярэдняпольскі перыяд — з XVI стагоддзя па другую палову XVIII стагоддзя.
  • Навапольскі перыяд — з другой паловы XVIII стагоддзя.

Лехіцкая падгрупа моў фарміравалася ў VIII—X ст. Пазней праходзіла адасабленне яе ўсходняй часткі ад асноўнага масіву, што з’явілася пачаткам дапісьмовай гісторыі польскай мовы.

Такім чынам адбыўся падзел на ляхіцкія, лужыцкія і чэшскія дыялекты. Ляхіцкія дыялекты, што склалі аснову польскай мовы, ахоплівалі тэрыторыю паміж Балтыйскім морам і Карпатамі на поўначы і поўдні і паміж Эльбай і Бугам на захадзе і ўсходзе. Пачынаючы з другой паловы ХІХ ст. пачынаецца аб’яднанне ляхіцкіх плямёнаў, стварэнне Польскай дзяржавы і ўтварэнне адзінай польскай мовы.

Звесткі пра польскі народ і плямёны, якія яго ўтваралі, можна знайсці ў старажытных хроніках ХІ ст. Першы гістарычна вядомы польскі князь Мешка I з дынастыі Пястаў прыняў у 966 г. хрысціянства (рымска-каталіцкага абраду). Гэта спрыяла аб’яднанню польскіх зямель і ўключала іх у сферу грамадска-палітычнага, культурнага і рэлігійнага ўплыву Заходняй Еўропы.

Узнікненне польскай пісьменнасці датуецца ХІІ ст., калі была напісана Гнезненская була — пасланне папы рымскага Інакенція II, у якім вызначаліся тэрыторыі, падначаленыя гнезненскаму архіепіскапу. Була была напісана на латыні, але яна ўтрымлівала больш 400 польскіх геаграфічных назваў і асабістых імёнаў, адлюстроўваўшых фанетычныя, лексічныя і марфалагічныя асаблівасці польскай мовы ХІІ ст. У ХІІІ—XIV ст. з’яўляюцца пісьмовыя помнікі на польскай мове: рэлігійная песня «Багародзіца» (Bjurodzica), Свентакшышская пропаведзь і Фларыянскі псалтыр.

Як літаратурная, мова складалася ў выніку ўзаемадзеяння вялікапольскіх, малапольскіх і мазавецкіх гаворак, бо спачатку палітычным і культурным цэнтрам была Вялікапольшча (землі вакол г. Познань), пасля Малапольшча (сталіца — г. Кракаў), а з XVII ст.— Варшава. На польскую літаратурную мову на раннім этапе яе станаўлення зрабіла ўплыў чэшская мова, а пазней — латынь, якая доўгі час заставалася галоўнай пісьмовай мовай польскіх земляў — мовай рэлігіі, каралеўскай адміністрацыі, судаводства, школы, культуры і навукі. Гэта стрымлівала развіццё польскай літаратурнай мовы. Уплыў лацінскай мовы на польскую (часта праз чэшскую ці нямецкую) назіраецца ў лексіцы, сінтаксісе і нават у словаўтварэнні. У сваю чаргу, польская мова была перадатчыцай шматлікіх лацінізмаў і германізмаў у старабеларускую і стараўкраінскую мовы.

Брэсцкая Біблія XVI ст. (на польскай мове), Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі

У XVI ст., якое лічыцца залатым стагоддзем польскай культуры, польская мова выціскае латынь з мастацкай, палітычнай і рэлігіёзнай літаратуры. З’яўляюцца арфаграфічныя трактаты Я. Манчынскага. У 1568 г. была выдана, напісаная на лацінскай мове, першая граматыка польскай мовы П. Сарторыўса-Стаенскага.

Пасля Люблінскай уніі (1569), калі ўзмацніўся палітычны і ваенны саюз Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы і была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая, польская мова распаўсюдзілася на землях ВКЛ, асабліва сярод магнатаў і шляхты.

У ХХ ст. калі Польшча зноў здабыла незалежнасць, назіраецца росквіт польскай культуры і літаратуры. Польская мова, як дзяржаўная ахапіла ўсе сферы грамадскага жыцця. У гэты перыяд складаюцца капітальныя слоўнікі, фундаментальныя граматыкі польскай мовы. Узнікаюць інстытуты польскай мовы і культуры, для замежнікаў, польская мова становіцца аб’ектам, які пачаў цікавіць не толькі этнічных палякаў з-за мяжой, але і шырокае кола спецыялістаў, якія займаюцца эканамічнымі, палітычнымі і гуманістычнымі праблемамі Цэнтральнай Еўропы.

Алфавіт польскай мовы створаны на лацінскай аснове. Найстаражытнейшы пісьмовы помнік — Свентакшышскія пропаведзі (сярэдзіна XIV стагоддзя).

Польскі алфавіт мае 32 літары.

літара польская
назва
асноўны
алафон (МФА)
іншыя
алафоны
A a a [a]
Ą ą o nosowe ] [on],|[om]
B b be [b] [p]
C c ce [t͡s] [d͡z]
Ć ć cie [t͡ɕ] [d͡ʑ]
D d de [d] [t]
E e e [ɛ]
Ę ę e nosowe ] [en], [em], [e]
F f ef [f]
G g gie [g] [k]
H h ha [x]
I i i [i]
J j jot [j]
K k ka [k] [g]
L l el [l]
Ł ł [w]
літара польская
назва
асноўны
алафон (МФА)
іншыя
алафоны
M m em [m]
N n en [n]
Ń ń [ɲ]
O o o [ɔ]
Ó ó o kreskowane [u]
P p pe [p] [b]
R r er [r]
S s es [s] [z]
Ś ś [ɕ] [ʑ]
T t te [t] [d]
U u u [u]
W w wu [v] [f]
Y y y [ɨ]
Z z zet [z] [s]
Ź ź ziet [ʑ] [ɕ]
Ż ż żet [ʐ] [ʂ]
Сучасны польскі алфавіт

Апрача таго, пэўныя гукі перадаюцца на пісьме дзвюма літарамі: rz — вымаўляецца як 'ж', ch — як 'х', dz — як 'дз', dź — як 'дзь', dż — 'дж', sz — як 'ш', cz — як 'ч'.

Некаторыя гукі перадаюцца некалькімі літарамі: 'u' i 'ó', 'h' i 'ch', 'ż' i 'rz'.

Літары v, x, q выкарыстоўваюцца пераважна ў запазычаных словах.

Лінгвістычныя асаблівасці

[правіць | правіць зыходнік]
  • Гукі ą [οη] і ę [eη] — насавыя.
  • Націск у польскіх словах прыпадае на другі ад канца склад.
  • Замена ўласцівых іншым славянскім мовам мяккіх або цвёрдых зычных t, d, r на ć, , rz («ж»): ciasto, dzień, rzeka.
  • Чаргаванне е перад пярэднеязычнымі цвёрдымі зычнымі, у залежнасці ад паходжання, з а ці о: wierzyć «верыць» — wiara «вера», nieść «несці» — niosę «нясу»;
  • Чаргаванне спалучэння -er- пасля мяккіх перад пярэднеязычнымі цвёрдымі зычных з -аr-: twierdzić «цвердзіць» — twardy «цвёрды»;
  • Чаргаванне перад канцавымі звонкімі зычнымі ó («у») з о, ą з ę: bób «боб» — bobu «бобу», błąd «памылка» — błędu «памылкі».

Найбольш пашыраны флектыўныя формы, што ўтвараюцца пры дапамозе суфіксаў і канчаткаў, пры гэтым у польскай мове аналітычныя формы, г. зн. формы, утвораныя з дапамогаю дапаможных слоў (формы складанага будучага часу, апісальныя ступені параўнання прыметнікаў і прыслоўяў і г. д.), ужываюцца часцей, чым у беларускай. Пашырана ў польскай мове флектыўна-аглюцінуючая форма прошлага часу: napisałem «я напісаў», napisaliśmy — «мы (мужчыны або мужчыны і жанчыны) напісалі», napisałyśmy — «мы (жанчыны) напісалі».

Катэгорыя адушаўлёнасці — неадушаўлёнасці ўласціва толькі назоўнікам мужчынскага роду ў адзіночным ліку і афармляецца ў родным і вінавальным склонах.

Характэрна ўжыванне асабовых паказчыкаў у 1-й і 2-й асобах адзіночнага ліку прошлага часу ў дзеясловах miałem (я меў), miałeś (ты меў), miał (ён меў); наяўнасць энклітык і праклітык; ужыванне дзеяслоўнай звязкі być («быць») у цяперашнім часе.

Польская мова флектыўная, мае 7 склонаў (з клічным), 2 лікі, 3 роды (у множным ліку — 2 з-за катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці мужчынскай асобы). 3 скланенні з 5 маюць мяккую і цвёрдую разнавіднасці. Дзеясловам уласцівы катэгорыі трывання, часу, стану, ладу, асобы, ліку, дзеяслоўным формам і дзеепрыметнікам на і — катэгорыі роду і асобы-неасобы.

Для сінтаксісу польскай мовы характэрны своеасаблівы парадак слоў: група дзейніка стаіць перад групай выказніка, а дапасаванае азначэнне ва ўстойлівых зваротах, як правіла, знаходзіцца пасля азначаемага слова. Неабходна ўжываць звязку być у цяперашнім часе (jestem studentem — «я студэнт»), займеннік to (oto) ужываецца ў якасці звязкі (Rzym to stolica Włoch — «Рым — сталіца Італіі»).

Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з лацінскай, нямецкай, італьянскай, французскай, рускай (асабліва пасля ІІ сусветнай вайны), а таксама беларускай моў (duha — «дуга», boćwina — «бацвінне», borowik — «баравік» і інш.). У беларускую лексіку трапіла шмат запазычанняў з польскай мовы.

Дыялекты польскай мовы, паводле С. Урбаньчыка, з дапаўненнямі

Польская мова мае 5 дыялектаў:[1]

  • вялікапольскі,
  • малапольскі,
  • мазавецкі,
  • шлёнскі, або сілезскі,
  • кашубскі.

Сувязі з беларускай мовай

[правіць | правіць зыходнік]

Уласнапольскія словы пранікалі ў старабеларускую мову, асабліва пасля Крэўскай уніі (1385), калі ўзмацніўся палітычны і ваенны саюз Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Найбольш інтэнсіўна гэты працэс адбываўся пасля Люблінскай уніі (1569) і ў XVII ст., калі паланізмы становяцца ўласцівымі для ўсіх жанрава-стылявых разнавіднасцей старабеларускага пісьменства: владца (уладар), завядовца (загадчык), пелкгрымацыя (падарожжа), звытяжца (пераможца), влость (буйны маёнтак), волати (крычаць), латвый (лёгкі), піл(ь)новати (сачыць), 'прытрымлівацца', липець (ліпень, ліпавы мёд), каштелянъ (камендант замка), мандат (каралеўскі ўказ, выклік у суд), щекгульный (асаблівы), ялмужна (міласціна) і шмат іншых. Некаторыя словы запазычваліся цэлымі гнёздамі: нендза, нендзне, нендзный, нендзница, нендзникъ, знендзненый. Многія з іх бытуюць у сучаснай беларускай мове, іншыя сталі гістарызмамі або змянілі сваё аблічча і значэнне. Асобныя словы былі запазычаны другі раз у XIX—XX ст., праўда, у значна меншай колькасці, часам праз рускую мову: апарат.

Суседзі палякаў — беларусы — таксама аказалі пэўны ўплыў на развіццё польскай мовы. У XVII—XVIII ст. у яе пранікаюць фанетычныя і граматычныя рысы дыялектаў заходніх раёнаў Беларусі, якая ўваходзіла тады ў склад Польскай дзяржавы. Адчувальным быў уплыў беларускай мовы і на ўзроўні лексікі. У гэты час польская мова засвойвае беларусізмы: braha, chwost, dubas (від лодкі), hałas, harmider, hodowla, hołoble, huba (чага), hultaj, odzieża, kolasa (калёсы), pohaniec, sorom, wiereszszaka, ohydny, zbroja, harować (цяжка працаваць), błaho (блага).

  1. Лучыц-Федарэц (2001)
Вікіпедыя

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
Strona główna польскай

  翻译: