Перайсці да зместу

Украіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Украіна
Україна
Герб Украіны
Сцяг Украіны Герб Украіны
Гімн: «Ще не вмерла України і слава, і воля»
Дата незалежнасці 24 жніўня 1991 (ад СССР)
Афіцыйная мова Украінская[1]
Сталіца Кіеў
Найбуйнейшыя гарады Кіеў, Харкаў, Адэса, Дніпро, Данецк, Запарожжа, Львоў, Крывы Рог
Форма кіравання Парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Старшыня Вярхоўнай Рады
Уладзімір Зяленскі
Дзяніс Шмыгаль
Руслан Стэфанчук
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
44-я ў свеце
603 549 км²
7
Насельніцтва
• Ацэнка (2013)
• Перапіс (2001)
Шчыльнасць

45 553 000[2] чал. (30-я)
48 457 102 чал.
75,48 чал./км²  (90-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2012)
  • На душу насельніцтва

$ 344,727 млрд[3]  (39-ы)
$ 7598
ВУП (намінал)
  • Разам (2012)
  • На душу насельніцтва

$ 180,174 млрд  (52-ы)
$ 3971
ІРЧП (2012) 0,740[4] (высокі) (78-ы)
Этнахаронім Украінцы
Валюта Грыўна (₴, UAH)
Інтэрнэт-дамены .ua, .укр
Код ISO (Alpha-2) UA
Код ISO (Alpha-3) UKR
Код МАК UKR
Тэлефонны код +380
Часавыя паясы UTC+2
UTC+3 (летні час)

Украі́на (укр.: Україна [ukrɑˈjinɑ]) — краіна ва Усходняй Еўропе, мяжуе з Беларуссю на поўначы, Расіяй на ўсходзе, Венгрыяй, Польшчай і Славакіяй на захадзе, Румыніяй і Малдовай на паўднёвым захадзе. Абмываецца Чорным і Азоўскім морамі на поўдні. Бесперапынна дзяржаўнасць існуе з 1917 года. Незалежнасць адноўлена ў 1991 годзе. Сталіца — Кіеў (укр.: Київ).

Па плошчы Украіна займае 44-е месца ў свеце і першае месца — сярод краін, цалкам размешчаных у Еўропе (Расія, еўрапейская плошча якой значна большая, размешчана ў Еўропе толькі часткова).

Геаграфія

Украіна знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Усходне-Еўрапейскай раўніны, на яе тэрыторыі знаходзяцца Карпацкія (часткова) і Крымскія горы. Найвышэйшы пункт Украіны — гара Гаверла (Карпаты) — 2061 м над узроўнем мора. Найвышэйшая гара Крыму — Раман-Кош (1545 м).

Найважнейшымі мінеральнымі багаццямі Украіны з’яўляюцца вугаль (Данбас), жалезныя (Крывы Рог, Крамянчуг, Запарожжа, Керчанскі паўвостраў) і марганцавыя (Нікапаль) руды, а таксама руды каляровых металаў (Запарожская вобл.). На паўночным усходзе і ў Перадкарпацці ёсць радовішчы нафты і газу, а таксама калійных соляў. Хімічная сыравіна прадстаўлена солямі рознага паходжання (заліў Сіваш у Азоўскім моры) і прыроднай серай (Роздал у Львоўскай вобласці). На поўдні краіны ёсць вялікія радовішчы крэйды і кааліну.

Клімат Украіны — умерана кантынентальны, толькі на паўднёвай ускраіне — чарнаморскім узбярэжжы Крыма, агароджаным з поўначы гарамі, — субтрапічны. Лета ўсюды цёплае — ад +19 °C на поўначы да +24 °C на поўдні. Больш халодныя зімы (да −8 °C) на паўночным усходзе; паўднёва-заходняе ўзбярэжжа Крыма перасякае ізатэрма 0 °C. Колькасць ападкаў памяншаецца з паўночнага захаду на поўдзень і паўднёвы ўсход ад 700 мм у Карпатах і 550 мм на Палессі да 450 мм на нізінах Прычарнамор’я. Для ўсёй тэрыторыі, акрамя субтропікаў, характэрны летні максімум; дажджы выпадаюць у выглядзе ліўняў. Снегавое покрыва бывае паўсюдна, але ў Крыме выпаўшы снег звычайна адразу растае. Лета і зіма ва Украіне наступаюць хутчэй, чым на захадзе Еўропы. Ранняй вясной снег хутка растае, і расталыя воды размываюць складзеныя рыхлымі пародамі схілы ўзвышшаў; бурныя летнія ліўні паглыбляюць яры.

У кліматычных адносінах раўнінную тэрыторыю Украіны падзяляецца на тры зоны. На поўначы, у Палессі, дзе размяшчаецца зона змяшаных лясоў, лета халаднаватае, зіма снежная і мяккая. Шырокая паласа лесастэпу, якая ляжыць у цэнтры краіны, адрозніваецца спрыяльным умерана-кантынентальным кліматам з халаднаватай зімой і цёплым летам, што робіць гэты рэгіён найболей спрыяльным для пражывання людзей і вядзення гаспадаркі. Размешчаная на поўдні зона стэпу адрозніваецца найбольшай кантынентальнасцю, гарачым сухім летам і маласнежнай зімой.

Своеасаблівы клімат у горных раёнаў Украіны. Паўднёвы бераг Крыму мае субтрапічны міжземнаморскі клімат з вільготнай зімой і засушлівым летам. Украінскія Карпаты адрозніваюцца ўмерана кантынентальным кліматам з вільготнай мяккай зімою і негарачым летам. Найбольшая колькасць ападкаў фіксуецца ў Карпатах (да 2000 мм у год), найменшая — Заходнім Крыме (каля 300 мм у год).

Галоўная рака Украіны — Дняпро. Перасякаючы Украіну з поўначы на поўдзень, яна дзеліць краіну на дзве прыкладна роўныя часткі. Іншыя буйныя рэкі — Днестр і Паўднёвы Буг. Праз дэльту Дунаю праходзіць мяжа Украіны з Румыніяй.

На тэрыторыі Украіны знаходзіцца больш за 3 тысячы азёр, у асноўным дробных, плошчаю да 0,1 км². Большая іх частка размешчана ў Палессі, на поўначы краіны. У Адэскай вобласці, каля Дунаю, знаходзіцца група азёр, якія сфармаваліся як затопленыя вусця прытокаў Дунаю. Найбольшае возера Украіны — Сасык (Кундук) (210 км²) у Адэскай вобласці. Найглыбейшае возера краіны — Свіцязь (58 м), найбольшае з Шацкіх азёраў, што знаходзяцца ў Валынскай вобласці. На Дняпры створаны велізарныя вадасховішчы (Кіеўскае вадасховішча і інш.).

Нягледзячы на сваю шматлікасць, рэкі Украіны пераважна малаводныя, за выняткам Дняпра, таму краіна адчувае недахоп водных рэсурсаў. Асабліва бедныя воднымі рэсурсамі паўднёвы ўсход Украіны і Крымскі паўвостраў. На горных жа рэках у Карпатах часта здараюцца паводкі.

Дзве трэці тэрыторыі Украіны пакрыты ўрадлівымі чарназёмнымі глебамі. На поўначы краіны пераважаюць шэрыя лясныя ды дзярнова-падзолістыя глебы, у сухіх стэпах поўдню — каштанавыя.

На раўніннай частцы краіны выдзяляюць тры прыродныя зоны: лясную (на поўначы), лесастэпавую (у сярэдняй частцы) і стэпавую (на поўдні).

Лясной зоне ўласцівыя мяшаныя і шыракалістыя лясы з белай піхтай, сасной, букам і дубам. У лесастэпах пераважае дуб. У стэпах найбольш пашыраныя злакавыя травы: тыпчак, кавыль, цімафееўка, пырнік. У Карпатах расце бук, дуб, елка, піхта, у Крымскіх гарах — бук, дуб, сасна, ядловец. На паўднёвым беразе Крыма шмат паркаў з рознымі відамі міжземнаморскай флоры: кедры, кіпарысы і інш.

Ва Украіне жывуць каля 28 тысяч розных відаў жывёл, у тым ліку 101 від млекакормячых, 350 відаў птушак, 21 від паўзуноў, 19 відаў земнаводных і больш за 200 відаў рыб. У лясах жывуць мядзведзі, зайцы, дзікі, лісіцы, рысі, цецярукі, арлы, ястрабы, совы. У лесастэпах сустракаюцца алені, дзікі, ваўкі, таксама грызуны. Для стэпаў найбольш характэрныя грызуны і палявыя птушкі.

Ва Украіне існуюць 16 запаведнікаў, у якіх захоўваецца прырода ўкраінскіх лясоў, стэпаў і гор. Найбольш вядомыя Асканія-Нова, Украінскі стэпавы, Крымскі.

Гісторыя

Даславянскі перыяд (да VIII ст.)

Тэрыторыя сучаснай Украіны пачала асвойвацца першабытнымі людзьмі яшчэ ў каменным веку — сама старажытнай стаянкай на сённяшні дзень лічыцца Каралёва ў Закарпацці. Адносна шчыльна былі заселены таксама сярэдняе Паднястроўе, раён дняпроўскіх парогаў і прадгор’і Крыму. У часы максімальнага аледзянення каля 100 тыс. гадоў таму паўночна-заходняя частка тэрыторыі Украіны была пакрыта ледавіковым шчытом. Падчас апошняга зледзянення паўднёвая мяжа ледавіка праходзіла па Палессі. Астатняя тэрыторыя была пакрыта тундрай і халоднымі стэпамі. Перыяд неаліту і энеаліту (медны век) прадстаўлены Трыпольскай культурай, помнікі і перыяды якой даследчыкі падзяляюць на тры этапы: ранні (4500-3500), сярэдні (3500-2750) і позні (2750—2000 да н.э.). Гэтая культура Правабярэжнай Украіны лічыцца адной з самых развітых раннеземляробчых археалагічных культур Усходняй Еўропы. Для перыяду бронзавага веку для тэрыторый паўднёва-заходняй часткі характэрна белагрудаўская культура.

Усяго на тэрыторыі Украіны вядома некалькі дзесяткаў дагістарычных археалагічных культур палеаліту, мезаліту, неаліту, бронзавага, меднага і жалезнага вякоў. Знаходкі археолагаў дазваляюць меркаваць, што менавіта на гэтых землях быў упершыню выкарыстаны конь для верхавой язды.

На ўзбярэжжы Крыму з 8 стагоддзя да н.э. ўзнікаюць грэчаскія калоніі, галоўныя з якіх — Херсанес (каля Севастопаля) і Пантыкапей — паступова сталі цэнтрамі дзяржаўных утварэнняў. Гэтыя землі з 1 стагоддзя да н.э. трапілі пад уплыў Рыму. На стэпавай частцы Украіны пануюць качавыя плямёны: кімерыйцы (9 ст. да н.э.— 7 ст. да н.э.), скіфы (7 — 3 стст. да н.э.), сарматы (3 ст. да н.э.— 3 ст. н.э.).

Перыяд Кіеўскай Русі і Візантыйскай імперыі (VIII—XIV стст.)

З IV ст. пачынаецца эпоха Вялікага Перасялення народаў. Праз украінскія стэпы праходзяць плямёны готаў, потым — гунаў, яшчэ пазней — аланаў. З VIII стагоддзя Паўночную і цэнтральную Украіну засяляюць усходнеславянскія плямёны, сярод якіх былі паляне, драўляне, севяране, валыняне ды інш. Паступова на гэтых землях фарміруецца гэтак званая Кіеўская Русь — першае ўсходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэнне. З 862 года Кіеўскай Руссю кіруе варажская дынастыя Рурыкавічаў. Найбольшы росквіт Кіеўскай Русі прыпадае на X ст., калі Кіеў пазбаўляецца ад хазарскай залежнасці, а потым і цалкам знішчае Хазарыю як дзяржаву. Зрабіўшы гэта, Кіеў, аднак, адкрыў прычарнаморскія стэпы для пранікнення качавых плямёнаў: печанегаў, торкаў ды полаўцаў (кіпчакоў), якія прынеслі старажытнарускай дзяржаве багата клопатаў. З XII стагоддзя Кіеўская Русь распадаецца на асобныя княствы. На тэрыторыі Украіны галоўнымі княствамі былі Кіеўскае, Чарнігаўскае, Галіцкае ды Валынскае. У XIII ст. праз Кіеўскую Русь праходзяць орды мангола-татар. Карыстаючыся феадальнай раздробленасцю, яны досыць лёгка падаўляюць супраціў мясцовых князёў і абкладаюць рускія гарады данінай. Антычныя гарады чарнаморскага ўзбярэжжа пасля распаду Рымскай імперыі трапляюць пад палітычны і культурны ўплыў Візантыі. Найбуйнейшым горадам тут застаецца Херсанес (у сярэднявечча вядомы як Херсон). У XII стагоддзі ў горнай частцы Крыму ўзнікла дзяржава Феадора, на базе насельнікаў якой узнікла народнасць крымскіх грэкаў, або феадарытаў. Яе помнікамі з’яўляюцца пячорныя гарады Крыму — Чуфут-Кале, Эскі-Кермен ды інш. Стэпавы Крым з XIII стагоддзя трапляе пад уладу татар.

Польска-літоўскі і турэцкі перыяд (XIV ст.— канец XVIII ст.)

З XIV стагоддзя мангола-татарская дзяржава, галоўным чынам праз міжусобіцы, аслабляецца. Затое Вялікае Княства Літоўскае, якое ўзнікла ў XIII ст., значна ўзмацняцца ад часоў княжання Гедзіміна (пачатак XIV ст.) Ён устанавіў пратэктарат над Кіеўскім княствам. У 1362 годзе літоўскі князь Альгерд разбіў татар у бітве на Сініх Водах і прыяднаў Кіеў да Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая падзея мела вялікае сімвалічнае значэнне, бо ВКЛ, як і Масква, прэтэндавала на званне пераемніка Кіеўскай Русі, і на пачатку была бясспрэчным лідарам у «збіранні» рускіх земляў. З канца XIV ст. пачынаецца палітычная і культурная экспансія Польшчы. У 1387 годзе Польшча захоплівае Галічыну. З канца XV ст. узмацняецца Вялікае Княства Маскоўскае, якое ў канцы XV — пачатку XVI стст. захапіла ў ВКЛ частку земляў. З XV ст. на літоўска-крымскім памежжы ўзнікае казацтва, якое аказала вырашальны ўплыў на ўтварэнне ўкраінскага этнасу. Этнічная тэрыторыя Украіны, выцягнутая з захаду на ўсход, і цяпер прыкладна адпавядае былой мяжы між ВКЛ і Крымскім ханствам. У 1569 годзе, карыстаючыся цяжкім становішчам ВКЛ, якая вяла вайну з Масквой, Польшча захоплівае Валынь, Падляшша, украінскае Палессе і Кіеўшчыну, г.зн. усе ўкраінскія землі, якія дагэтуль належалі ВКЛ. У 1596 годзе Кіеўская мітраполія заключыла з Рымска-каталіцкаю царквой Берасцейскую царкоўную вунію, паводле якой перайшла пад уладу рымскага папы. Палітыка апалячвання ды акаталічвання прывяла да антыпольскіх паўстанняў на ўкраінскіх землях. Наймацнейшае з іх, пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, пачалося ў 1648 годзе. Пасля шэрагу паразаў гетман Хмяльніцкі быў вымушаны перайсці пад пратэктарат Масквы, што адбылося ў 1654 годзе на Пераяслаўскай Радзе. Гэтая падзея выклікала «руска-польскую вайну», у выніку якой да Маскоўскага царства адыйшлі значныя тэрыторыі, у тым ліку горад Кіеў. Крым з XV стагоддзя цалкам падпарадкоўваецца Крымскаму ханству, адной з рэштак Залатой Арды і пратэктарату Турцыі. На базе нашчадкаў мангола-татар, а таксама іншых народнасцей, тут утвараецца крымска-татарскі этнас, які складаў большасць на паўвостраве аж да дэпартацыі 1944. Акрамя ўласна Крыму, ханства займала тэрыторыі ўкраінскага Прычарнамор’я і Прыазоў’я, а таксама вялікую частку сённяшняга Краснадарскага края Расіі. У XVIII ст. як Польшча, так і Крымскае ханства аслаблі і сталі ахвярамі агрэсіўных суседзяў. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—1795 гг.) украінскія землі Польшчы адыйшлі да Расіі, акрамя Галічыны, якая адыйшла да Аўстрыі. У 1783 г. Расійская імперыя заваявала Крымскае ханства.

Перыяд Расійскай і Аўстрыйскай імперыяў (канец XVIII ст.— 1917)

З канца XVIII ст. і да Першай Сусветнай вайны ўкраінскімі землямі валодалі Расія і Аўстрыя. На ўкраінскіх землях з канца XVIII ст. пачынаецца рух украінскага адраджэння. Найбольш ён быў пашыраны на аўстрыйскіх тэрыторыях (Галіччына) — праз меншую жорсткасць тамтэйшага рэжыму — дзе дзейнічалі Іван Франко, Міхайла Грушэўскі і іншыя выбітныя дзеячы ўкраінскага адраджэння.

Да канца 18 — пачатку 19 стагоддзя Украіна была пераважна сялянскім краем, а з сярэдзіны 19 стагоддзя цяперашнія ўсходнія рэгіёны Украіны, а затым і Кіеўшчына пачынаюць развівацца як прамысловыя. Вялікую ролю ў індустрыялізацыі Украіны сыграў еўрапейскі капітал, у тым ліку — знакаміты французскі «рускі заём» у мільярд франкаў. У наладжванні вытворчасці на поўдні Украіны таварнага збожжа, якое масава экспартавалася праз чарнаморскія парты, вялікую ролю адыгралі не толькі ўкраінскія сяляне, але і нямецкія каланісты, колькасць якіх ва Украіне складала каля паўмільёна.

Перыяд Цэнтральнай Рады (1917—1920)

Першая сусветная вайна прывяла да краху некалькіх імперый, у ліку якіх былі расійская і аўстрыйская і, такім чынам, дала падняволеным народам шанс на самавызначэнне. 17 сакавіка 1917, хутка пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі, была створаная Украінская Цэнтральная Рада. 20 лістапада 1917 была створаная Украінская Народная Рэспубліка, а 22 студзеня 1918 была абвешчаная яе Незалежнасць. На аўстрыйскай тэрыторыі была створаная Заходне-Украінская Народная Рэспубліка, якая прыядналася да УНР 22 студзеня 1919. У той жа час, 25 снежня 1917 у Харкаве бальшавікі стварылі альтэрнатыўную УНР, якая ў 1919 была пераназваная ва Украінскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Пачалася барацьба паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі. УССР апіралася на бальшавікоў, а УНР — спачатку на немцаў, а пасля 1919 — на палякаў. У выніку Галічына і Валынь адыйшлі да Польшчы, Закарпацце — да Чэхаславакіі, Букавіна і Бесарабія — да Румыніі, а на большай частцы Украіны ўсталявалася савецкая ўлада.

Савецкі перыяд (1920—1991)

Тэрытарыяльнае развіццё Украіны
Украінская ССР на момант утварэння Савецкага Саюза
Сцяг Украінскай ССР

У 1922 УССР ўвайшла ў склад СССР. У 1934 сталіца УССР была перанесеная з Харкава ў Кіеў. У 1938 у выніку падзелу Чэхаславакіі Карпацкая Украіна абвясціла Незалежнасць 15 сакавіка 1939. Карпацкая Украіна была акупаваная Венгрыяй. У верасні 1939 украінскія землі, што належалі Польшчы, былі заняты савецкай арміяй і прыяднаны да УССР. У 1940 да УССР была далучана Паўночная Буковіна і Паўднёвая Бесарабія.

У 1941—1942 тэрыторыя Украіны была акупавана нямецкімі войскамі. Нацысцкія ўлады ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым. Нямецкія нацысты знішчылі сотні тысяч мірных жыхароў. У 1943—1944 Украіна была вызвалена ад нацыстаў.

Вайна прынесла Украіне каласальныя разбурэнні і мільёны ахвяр. Насельніцтва скарацілася з 41,7 млн чалавек на чэрвень 1941 да 27,4 млн чалавек на пачатак 1945. Практычна ўся яе тэрыторыя была арэнай жорсткіх баёў. Пры адступленні абодва варожыя бакі выкарыстоўвалі тактыку «выпаленай зямлі». Прадпрыемствы былі эвакуіраваны ці разбураны, некалькі мільёнаў украінцаў загінула на фронце ці ў акупацыі, каля трох мільёнаў жыхароў Украіны немцы ўгналі ў Германію на прымусовую працу. Чвэрць жыхароў апынулася да канца вайны без прытулку.

У 1960-я-1970-я чатыры гарады УССР былі ўдастоены звання Горад-герой: Кіеў, Адэса, Севастопаль і Керч.

Пасля Другой сусветнай вайны да Украіны было далучанае Закарпацце. Частка Галічыны была перададзена Польшчы. У 1954 ў склад Украіны быў перададзены Крым.

У першыя пасляваенныя гады ў Савецкай Украіне актыўна ішло аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, адбудоўваўся буйнейшы ў свеце прамысловы рэгіён ва Усходняй Украіне. Пасля смерці Сталіна да ўлады ў СССР прыйшоў былы першы сакратар кампартыі Украіны М.Хрушчоў. Пасля яго змяшчэння з вышэйшай пасады ў дзяржаве кіраўніком СССР стаў другі выхадзец з Украіны — былы першы сакратар Днепрапятроўскага абкаму кампартыі Украіны Л.Брэжнеў. Колькасць украінцаў у складзе вышэйшага калегіяльнага органа ўлады ў СССР — Палітбюро ЦК КПСС дасягнула паловы штатнага складу. У афіцыйнай іерархіі саюзных рэспублік УССР займала ганаровае другое месца — пасля РСФСР і перад БССР.

26 красавіка 1986 года, праз памылкі праектавання і будаўніцтва, ігнараванне праблемы, здарылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. Тым часам 1 траўня ў Кіеве прайшоў парад, кіраўніцтва СССР прымусіла кіраўнікоў Украінскай ССР правесці яго, каб не выклікаць паніку.[1] Пасля ацэнкі маштабаў радыеактыўнага забруджвання была запланавана эвакуацыя, але яна была затрымана па рашэнні ўрада СССР і ЦК КПСС. Чарнобыльская катастрофа аказала вялікі ўплыў на грамадска-палітычнае жыццё, некаторыя называюць гэта пачаткам канца Савецкага Саюза.

Працэс адраджэння УГКЦ пачаўся з сустрэчы Папы Яна Паўла ІІ з Прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым. На жаль, аднак, пачатак 1990-х гадоў быў адзначаны міжканфесійнай канфрантацыяй на фоне маёмасных спрэчак, ускладненай расколам ўнутры ўкраінскага праваслаўя.

22 кастрычніка 1989 г. на Саборы святароў і свецкіх у Львове было абвешчана адраджэнне Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Адроджаную царкву ўзначаліў Іван (Баднарчук), епіскап Маскоўскага патрыярхату. 2 кастрычніка 1990 г. улады Украіны афіцыйна зарэгістравалі УАПЦ.

16 ліпеня 1990 года абвешчана Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце. 2-17 кастрычніка 1990 г. ва Украіне адбылася Рэвалюцыя на граніце, асноўнай мэтай акцыі было не дапусціць падпісання новай саюзнай дамовы СССР. Патрабаванні студэнтаў былі задаволены падпісаннем пастановы Вярхоўнай Рады, якая гарантавала іх выкананне.[2]

Незалежны перыяд (з 1991)

Пасля правалу жнівеньскага путчу 24 жніўня 1991 г. Вярхоўная Рада Украіны прыняла Акт абвяшчэння Незалежнасці Украіны. Тэкст акту быў напісаны і абвешчаны Леўкам Лук’яненкам. Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка спыніла існаванне, стаўшы сучаснай Украінай.

Па выніках Усеўкраінскага рэферэндуму 1991 г. 90,32 % грамадзян Украіны прагаласавалі за Акт незалежнасці Украіны,[3] і быў абраны першы прэзідэнт Украіны — Леанід Краўчук. На наступны дзень пасля рэферэндуму Украіну прызналі Канада і Польшча, а да канца студзеня 1992 года — 91 дзяржава.

8 снежня ў Белавежскай пушчы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук, прэзідэнт РСФСР Борыс Ельцын і старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Але Вярхоўная Рада Украіны не ратыфікавала пагадненне, такім чынам Украіна не ўвайшла ў СНД[4], а мела асацыяванае членства, спыненае ў 2018 годзе ўказам прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.[5] 25 студзеня 1991 г. Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падаў у адстаўку і роспуск Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік стаў канечным.

Унутраны стан СССР перад роспускам стаў прычынай глыбокага крызісу ў былых савецкіх рэспубліках, у тым ліку ва Украіне — збядненню насельніцтва, гіперінфляцыі, масаваму беспрацоўю. У 1992 годзе адбыўся царкоўны раскол, калі былы мітрапаліт Украіны Філарэт абвясціў сябе Кіеўскім патрыярхам. Ніводны праваслаўны патрыярх не прызнаў Кіеўскі патрыярхат, але яго падтрымаў украінскі ўрад.

У 1994 г. на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах перамог Леанід Кучма. Ён кіраваў краінай 10 гадоў. 28 чэрвеня 1996 года Вярхоўная Рада ўхваліла Канстытуцыю Украіны. У лістападзе 2004 г. адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог Віктар Януковіч. Але яго супернік Віктар Юшчанка не прызнаў вынікаў выбараў, заявіўшы пра іх фальсіфікацыю. Яго падтрымалі шырокія колы грамадства, асабліва на захадзе краіны, а таксама ЗША і краіны Еўрасаюза. Юшчанка пачаў кампанію грамадзянскага супраціву, вядомую як Аранжавая рэвалюцыя. Яе вынікам стала скасаванне вынікаў выбараў і правядзенне паўторнага галасавання, у якім перамог Юшчанка. Адначасна Вярхоўная Рада ўхваліла змены да Канстытуцыі, змяніўшы выбарчую сістэму і пазбавіўшы прэзідэнта шэрагу паўнамоцтваў, у тым ліку права фарміравання ўрада. У сакавіку 2006 г. адбыліся парламенцкія выбары, на якіх найбольшую колькасць галасоў набрала Партыя рэгіёнаў Віктара Януковіча. Але партыі Віктара Юшчанкі («Наша Украіна») ды яго паплечніцы падчас «Памаранчавай рэвалюцыі» Юліі Цімашэнка разам набралі прыкладна такую ж колькасць галасоў. У выніку вырашальнай стала пазіцыя больш дробных партый. Калі перагаворы пра стварэнне кааліцыі між «памаранчавымі» партыямі зайшлі ў тупік, Сацыялістычная партыя Аляксандра Мароза перайшла ад «памаранчавага» блоку да Партыі рэгіёнаў і разам з імі ды камуністамі стварыла Антыкрызісную кааліцыю. Прэм’ер-міністрам Украіны стаў Віктар Януковіч.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года перамог Віктар Януковіч, які ў другім туры перамог Юлію Цімашэнка.

Еўрамайдан

Праэўрапейская дэманстрацыя ў Кіеве, 27 лістапада 2013 г.

21 лістапада 2013, за некалькі дзён да саміту ў Вільнюсе, Кабінет міністраў Украіны вырашыў прыпыніць працэс падрыхтоўкі Пагаднення аб асацыяцыі Украіны і Еўрапейскага саюза. Гэта выклікала масавыя акцыі пратэсту Еўрамайдан ва Украіне. Пратэстоўцы стварылі лагеры на Майдане Незалежнасці, а ў снежні 2013 года і студзені 2014 года пратэстоўцы пачалі займаць розныя ўрадавыя будынкі, спачатку ў Кіеве, а пазней і ў Заходняй Украіне.

16 студзеня 2014 года былі прынятыя дыктатарскія «законы» з грубым парушэннем нарматыўных актаў і заканадаўчай працэдуры і, нягледзячы на ​​рэзкую крытыку, падпісаны прэзідэнтам на наступны дзень, 17 студзеня. Яны былі атрыманы падняццем рук, без выкарыстання сістэмы «Рада» і без абмеркавання, а іх тэксты сталі даступныя толькі пасля таго, як за іх прагаласавалі дэпутаты. Гэтыя законы абмяжоўвалі правы грамадзян, давалі дзяржаўным уладам больш свабоды для пакарання пратэстоўцаў і накіраваны на крыміналізацыю апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. У выніку бітваў паміж пратэстоўцамі і паліцыяй у лютым 2014 года загінула каля 80 чалавек пачалася Рэвалюцыя годнасці.

Пасля гвалту парламент развярнуўся супраць Януковіча і 22 лютага прагаласаваў за адхіленне яго ад улады і вызваленне Юліі Цімашэнкі з турмы. У той жа дзень прыхільнік Януковіча Уладзімір Рыбак падаў у адстаўку з пасады спікера парламента, а на яго месца прыйшоў вернік Цімашэнкі Аляксандр Турчынаў, які пасля быў прызначаны часовым прэзідэнтам. Януковіч збег з Кіева у Расею і знаходзіцца ў вышуку ва Украіне за забойства пратэстоўцаў. Расія заявіла, што прызначэнне Турчынава выконваючым абавязкі Прэзідэнта было неканстытуцыйным.[6] У прыватнасці, Расія лічыць, што пераход быў «пераваротам».[7][8][9]

Канфлікт працягваўся крымскім крызісам у лютым-сакавіку, калі расійскія войскі захапілі кантроль над Крымам.[10] Крым быў аднабакова анексаваны Расіяй 18 сакавіка 2014 года.[11]

Крымскі крызіс суправаджаўся прарасійскімі хваляваннямі на ўсходзе Украіны і на поўдні Украіны.[11] У красавіку 2014 года прарасійскія сепаратысты самаабвесцілі Данецкую Народную Рэспубліку і Луганскую Народную Рэспубліку і 11 мая 2014 года правялі рэферэндумы; сепаратысты сцвярджалі, што амаль 90 % прагаласавалі за незалежнасць. Пазней, у красавіку 2014 года, баі паміж украінскай арміяй і праўкраінскімі добраахвотніцкімі батальёнамі супраць сіл, якія падтрымлівалі ДНР і ЛНР, перараслі ў вайну на Данбасе.[11][12] Да снежня 2014 года больш за 6400 чалавек загінулі ў выніку гэтага канфлікту, і, паводле дадзеных Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, гэта прывяло да таго, што больш за паўмільёна ўнутрана перамешчаных жыхароў Украіны і дзвесце тысяч бежанцаў уцяклі ў (пераважна) Расію і іншыя суседнія краіны.[13][14][15][16] У канцы 2020 года колькасць загінулых у канфлікце вырасла да больш чым 13 000 чалавек і амаль 1,5 мільёнаў перамешчаных асоб.[17]

Кіраванне Парашэнкі

На датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах у чэрвені 2014 года перамог Пётр Парашэнка. 20 чэрвеня было абвешчана аднабаковае тыднёвае перамір’е з адначасовым ультыматумам прарасійскім наймітам і мясцовым баевікам пакінуць краіну, пасля чаго пачалося вызваленне дзяржавы, якое было сарванае ўжо адкрытай узброенай агрэсіяй Расіі. З дапамогай заходніх краін Украіне ўдалося замарозіць вайну на лініі размежавання, а Расіі замацаваць стан нявызначанасці на Данбасе ў Мінскіх пагадненнях.

Эканамічная частка Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрапейскім саюзам была падпісана 27 чэрвеня 2014 г. прэзідэнтам Пятром Парашэнкам.[18] 1 студзеня 2016 года Украіна далучылася да зоны свабоднага развіцця з ЕС. Грамадзяне Украіны атрымалі дазвол на бязвізавы ўезд у Шэнгенскую зону на тэрмін да 90 дзён на працягу любога 180-дзённага перыяду 11 чэрвеня 2017 года, а Пагадненне аб асацыяцыі афіцыйна ўступіла ў сілу 1 верасня 2017 года.[19]

З дапамогай МВФ і жорсткай грашова-крэдытнай і фіскальнай палітыкі ўдалося стабілізаваць фінансавае становішча краіны і запоўніць пустую дзяржаўную казну. У эканамічных рэформах Парашэнка абапіраўся на замежных спецыялістаў, якія ўдзельнічалі ва ўрадзе. Сярод іх быў былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які ў рэшце рэшт стане ў апазіцыю да прэзідэнта і значна знізіць яго рэйтынг даверу. У той жа час ён заручыўся падтрымкай алігархічных колаў для сур’ёзных змен, за выключэннем нацыяналізацыі банка «Надра» Дзмітрыем Фірташам, а ў працэсе разбурэння сістэмы буйной уласнасці, пабудаванай Кучмай, не адбылося. Наадварот, уцёкі за мяжу прадстаўніка Дняпра Ігара Каламойскага, які дапамагаў змагацца з сепаратыстамі пры падтрымцы Данецка, і нацыяналізацыя ПрыватБанка нагадвалі многім аб барацьбе за перадзел уласнасці ў 1990-я гады.

Значныя дасягненні на знешнепалітычнай арэне: падтрымка антырасейскіх санкцый, атрыманне бязвізавага рэжыму з краінамі Еўрасаюза ў спалучэнні з неабходнасцю пераадолення надзвычай складаных задач унутры краіны. Старыя мясцовыя ўлады таксама не хацелі ніякіх зменаў: улады былі ачышчаны ад актывістаў антымайдану (люстрацыя), але часткова. Пачалася барацьба з карупцыяй, абмяжоўваючыся прысудамі дробным чыноўнікам і электроннымі дэкларацыямі, а новаствораныя НАБУ і НАЗК адзначыліся скандаламі ў сваёй працы. Судовая рэформа спалучалася з прызначэннем старых, скампраметаваных суддзяў. Расследаванне злачынстваў супраць жыхароў Майдану зацягнулася. З мэтай процідзеяння масавай глабальнай расійскай антыўкраінскай прапагандзе ў «інфармацыйнай вайне» было створана Міністэрства інфармацыйнай палітыкі, якое на працягу 5 гадоў, за выключэннем забароны Лабараторыі Касперскага, Dr.Web, 1С, Mail.ru, Яндэкс, расійскіх сацыяльных сетак «У Кантакце», «Аднакласнікі» і прапагандысцкіх СМІ, не паказала эфектыўнай працы. У 2017 годзе прэзідэнт падпісаў закон «Аб адукацыі».

19 мая 2018 года Парашэнка падпісаў Указ, які ўвёў у дзеянне рашэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны пра канечнае спыненне ўдзелу Украіны ў статутных органах Садружнасці Незалежных Дзяржаў.[20][21] Станам на люты 2019 года Украіна звела да мінімуму ўдзел у СНД і фактычна завяршыла свой выхад. Вярхоўная Рада Украіны не ратыфікавала пагадненне, то бок Украіна ніколі не была членам СНД.[4]

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг і Пётр Парашэнка, 10 ліпеня 2017 г.

21 лютага 2019 года ў Канстытуцыю Украіны былі ўнесены змены, нормы пра стратэгічны курс Украіны на сяброўства ў Еўрапейскім саюзе і НАТА замацаваны ў прэамбуле Асноўнага закона, трох артыкулах і пераходных палажэннях.[22]

Кіраванне Зяленскага

21 красавіка 2019 г. у другім туры прэзідэнцкіх выбараў перамог акцёр і шоўмен Уладзімір Зяленскі, якому ўдалося кансалідаваць галасы выбаршчыкаш розных палітычных спектраў і атрымаць 73,23 % галасоў. 20 мая адбылася цырымонія інаўгурацыі, пасля чаго Зяленскі абвясціў пра роспуск Вярхоўнай Рады і прызначыў датэрміновыя выбары. Датэрміновыя парламенцкія выбары 21 ліпеня дазволілі новастворанай прапрэзідэнцкай партыі «Слуга народа» атрымаць абсалютную большасць месцаў упершыню ў гісторыі незалежнай Украіны (248). Спікерам парламента абраны старшыня партыі Дзмітрый Разумкоў. Большасць змагла сфарміраваць урад самастойна, без стварэння кааліцый, і зацвердзіць Аляксея Ганчарука прэм’ер-міністрам.[23] 4 сакавіка 2020 года з-за падзення ВУП на 1,5 % (замест павелічэння на 4,5 % на момант выбараў) Вярхоўная Рада звольніла ўрад Ганчарука, а Дзяніс Шмыгаль[24] стаў новым прэм’ер-міністрам.[25]

28 ліпеня 2020 г. у Любліне Літва, Польшча і Украіна стварылі ініцыятыву «Люблінскі трохвугольнік», якая накіравана на спрыянне далейшаму супрацоўніцтву паміж трыма гістарычнымі краінамі Рэчы Паспалітай і далейшую інтэграцыю Украіны і ўступленне ў ЕС і НАТА.[26]

2 лютага 2021 года ўказ прэзідэнта забараніў тэлевізійнае вяшчанне прарасійскіх тэлеканалаў 112 Ukraine, NewsOne і ZIK.[27][28] Рашэннем Савета нацыянальнай бяспекі і абароны і Указам прэзідэнта ад 19 лютага 2021 г. былі ўведзены санкцыі супраць 8 фізічных і 19 юрыдычных асоб, у тым ліку супраць прарасійскага палітыка і кума Пуціна — Віктара Мядзведчука і яго жонкі Аксаны Марчанка.[29][30]

Прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі, прэзідэнт Малдовы Мая Санду, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль падчас Батумскай міжнароднай канферэнцыі 2021 года. У 2014 годзе ЕС падпісаў пагадненні аб асацыяцыі з усімі трыма дзяржавамі.

На саміце ў Бруселі ў чэрвені 2021 года лідары НАТА паўтарылі рашэнне, прынятае на саміце ў Бухарэсце 2008 года, паводле якога Украіна стане членам Альянсу з Планам дзеянняў па сяброўстве (ПДЧ) як неад’емнай часткай працэсу і правам Украіны вызначаць сваю будучыню і знешнюю палітыку без умяшання звонку.[31]

17 мая 2021 года асацыяцыя «Трыа» была ўтворана падпісаннем сумеснага мемарандума паміж міністрамі замежных спраў Грузіі, Малдовы і Украіны. Асацыяцыя «Трыа» — трохбаковы фармат для пашырэння супрацоўніцтва, каардынацыі і дыялогу паміж трыма краінамі (якія падпісалі Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС) па пытаннях агульнага інтарэсу, звязаных з еўрапейскай інтэграцыяй, Усходнім партнёрствам і абавязацельствамі па далучэнні да Еўрапейскага саюза.[32] Станам на 2021 год, Украіна рыхтуецца афіцыйна падаць заяўку на ўступленне ў ЕС у 2024 годзе, каб далучыцца да Еўрапейскага Саюза ў 2030-я гады.[33]

Эпідэмія COVID-19

3 сакавіка 2020 года ва Украіне быў зафіксаваны першы выпадак заражэння каронавірусам COVID-19.[34] Кожны дзень Міністэрства аховы здароўя публікуе новую інфармацыю аб распаўсюджванні пандэміі. З-за каранцінных абмежаванняў у краіне ўзмацніўся эканамічны крызіс, колькасць афіцыйна беспрацоўных павялічылася на 67 %.

23 лютага 2021 г. ва Украіне былі зарэгістраваны 2 вакцыны супраць каронавіруса: AstraZeneca і Pfizer — BioNTech.[35][36] 24 лютага першы чалавек быў прышчэплены.[37]

Уварванне Расіі

Дзяржаўны лад і палітыка

Украіна — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы, прэзідэнт, выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на пяцігадовы тэрмін.

Заканадаўчая галіна ўлады прадстаўлена 450-мясцовым парламентам, Вярхоўнай Радай. Парламент фарміруе ўрад, Кабінет міністраў, які ўзначальваецца прэм’ер-міністрам.

Вярхоўны суд — вышэйшы орган сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі. Канстытуцыйны кантроль ажыццяўляе Канстытуцыйны суд.

Адміністрацыйны падзел

Адміністрацыйны падзел

У адміністрацыйных адносінах тэрыторыя дзеліцца на 24 вобласці і адну аўтаномную рэспубліку, Крым. Гарады Кіеў і Севастопаль маюць адмысловы прававы статус. 24 вобласці і Крым, у сваю чаргу, дзеляцца на 490 раёнаў. Сярэдняя плошча раёна 1200 км², насельніцтва — 52 000 чалавек.

Гарады (акрамя гарадоў цэнтральнага падпарадкавання Кіева і Севастопаля) могуць быць падпарадкаваны абласным ці раённым адміністрацыям, у залежнасці ад колькасці насельніцтва і сацыяльна-эканамічнага значэння.

Усяго ва Украіне налічваецца 457 гарадоў, з якіх 176 — абласнога значэння, 279 — раённага значэння і два маюць адмысловы статус. Таксама існуюць 866 пасёлкаў гарадскога тыпу і 28 552 вёскі.

Насельніцтва

Колькасць, рассяленне

Тэмпы росту, узроставая і гендэрная структура

Украіна перажывае дэмаграфічны крызіс, выкліканы нізкай нараджальнасцю (9,55 народжаных на 1000 чалавек) і высокай смяротнасцю (15,93 памерлых на 1000 чалавек).

У перыяд 1991—2004 імігравала ва Украіну 2,2 млн чалавек, эмігравала 2,5 млн чалавек (у тым ліку 1,9 млн выехала ў іншыя былыя савецкія рэспублікі).

Гарады

Больш за 2/3 насельніцтва жыве ў гарадах. Буйнейшыя гарады: Кіеў, Харкаў, Днепрапятроўск, Адэса, Данецк, Львоў. Самая высокая шчыльнасць насельніцтва ў Данецкай і Днепрапятроўскай абласцях.

Месца Горад Вобласць Насельніцтва Месца Горад Вобласць Насельніцтва


Кіеў

Харкаў

1 Кіеў Кіеў 2 611 327 11 Луганск Луганская 463 097
2 Харкаў Харкаўская 1 470 902 12 Макееўка Данецкая 389 589
3 Дніпро Днепрапятроўская 1 065 008 13 Сімферопаль Крым 358 108
4 Адэса Адэская 1 029 049 14 Вінніца Вінніцкая 356 665
5 Данецк Данецкая 1 016 194 15 Севастопаль Севастопаль 342 451
6 Запарожжа Запарожская 815 256 16 Херсон Херсонская 328 360
7 Львоў Львоўская 732 818 17 Палтава Палтаўская 317 998
8 Крывы Рог Днепрапятроўская 668 980 18 Чарнігаў Чарнігаўская 304 994
9 Мікалаеў Мікалаеўская 514 136 19 Чаркасы Чаркаская 295,414
10 Марыупаль Данецкая 492 176 20 Сумы Сумская 293,141

Нацыянальны склад

Нацыянальны склад насельніцтва, % (паводле перапісаў):

Народы2001 г.1989 г.
Украінцы77,872,7
Рускія17,322,1
Беларусы0,60,9
Малдаване0,50,6
Крымскія татары0,50,0
Балгары0,40,5
Венгры0,30,4
Румыны0,30,3
Палякі0,30,4
Яўрэі0,20,9

Мовы

Найбольш распаўсюджаная родная мова ў сельскіх, пасялковых і гарадскіх радах, 2001 г.

Украінскую мову ў 2001 годзе назвала роднай 67,5 % насельніцтва, што на 2,8 % болей за даныя перапісу 1989 года. Рускую мову вызначылі як родную 29,6 % насельніцтва, на 3,2 % меней за даныя мінулага перапісу. Доля іншых моў склала 2,9 %, гэты паказчык вырас на 0,4 %.

Расія праводзіць палітыку русіфікацыі  (укр.) акупаваных ёю тэрыторый Украіны  (укр.) — навучанне ў школах вядзецца толькі па-руску нават у цалкам украінамоўных населеных пунктах. Украінскія падручнікі аказаліся пад забаронай, а жадаючыя вучыцца на ўкраінскай мове вымушаны рабіць гэта ўпотай ад акупацыйных уладаў[38][39][40].

Рэлігійны склад

Дамінуючай рэлігіяй ва Украіне з’яўляецца Хрысціянства. Большасць вернікаў належаць да Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата (каля 26,1 %) і Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата (50 %). Да Украінскай грэка-каталіцкай царквы належаць 8 %, Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы — каля 7 %, да Рымска-каталіцкай царквы — 2,2 %.

Эканоміка

Украіна — індустрыяльна-аграрная краіна. Найбольш развітымі галінамі прамысловасці з’яўляюцца металургія, энергетыка (маюцца атамныя электрастанцыі і цэлы каскад гідраэлектрастанцый на рацэ Дняпро), машынабудаванне, харчовая, а таксама хімічная і горназдабыўная прамысловасць (здабыча вугалю, руды).

Найбольш развітыя ў эканамічным дачыненні рэгіёны — Данбас (Данецкая вобласць і Луганская вобласць), Прыдняпроўе (Днепрапятроўская вобласць і Запарожская вобласць), а таксама гарады Кіеў, Харкаў, Адэса і Львоў. Пасля распаду СССР эканоміка незалежнай Украіны апынулася ў стане крызісу ў выніку разбурэння кааперацыі паміж прадпрыемствамі розных рэспублік СССР. Вынікам стала дэіндустрыялізацыя, якая, у адрозненне ад заходніх краін, не мела постіндустрыяльнага характару і азначала гаспадарчы заняпад краіны. Заходняя Украіна традыцыйна больш аграрны і турыстычны рэгіён краіны. Член Сусветнай гандлёвай арганізацыі (з мая 2008).

Украіна валодае значнымі запасамі карысных выкапняў, у асноўным гэта вугаль, але ёсць таксама запасы газу і нафты — Прыкарпацце і Прычарнаморска-Крымская нафтагазавая вобласць, уключаючы чарнаморскі шэльф. (Уласныя рэсурсы нафты пакрываюць ўнутраныя патрэбнасці эканомікі на 15-20 %, газу — на 25 %). У цяперашні час нацыянальная вуглездабыўная прамысловасць знаходзіцца ў стане крызісу: амаль 70 % шахтаў падлягаюць закрыццю як стратныя.

Больш за палову тэрыторыі краіны займае ралля, шмат садоў. Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі: вырошчванне збожжа, цукровых буракоў, сланечніку, на поўдні — садавіны і вінаграду.

Украіна мае шырокія магчымасці для развіцця індустрыі адпачынку і турызму: курорты на ўзбярэжжы Чорнага і Азоўскага мораў, мінеральныя крыніцы Карпат і інш. Жамчужынай курортнай гаспадаркі з’яўляецца Паўднёвы бераг Крыму, дзе месцяцца вядомыя на ўвесь свет марскія і горныя курорты.

Культура

Для ўкраінскай нацыянальнай культуры асноватворнай і базіснай ёсць народная культура, на аснове якой паступова сфармаваліся прафесійныя навука, літаратура, мастацтва. Адметнасць ўкраінскай культуры вызначылі таксама геаграфічныя ўмовы, асаблівасці гістарычнага шляху, а таксама ўзаемадзеянне з іншымі этнакультурамі. Важным гістарычным этапам развіцця культуры стала прыняцце хрысціянства ў 10 стагоддзі.

З прычыны цяжкасцяў гістарычнага шляху Украіны (мангола-татарскае заваяванне ў 13 стагоддзі, польска-літоўская экспансія ў 14 — 16 стагоддзях, залежнасць ад Расійскай і Аўстрыйскай імперый ў 19 — пачатку 20 стагоддзя) народная культура адыграла выключную ролю. Гэта адбылося, таму што ў 16 стагоддзі, калі феадальна-баярская знаць успрыняла каталіцтва і польскую культуру, і да канца 18 стагоддзя, калі вярхушка казацкай старшыны была русіфікаванай, ўкраінскае грамадства развівалася ў значнай меры без паўнавартаснай нацыянальнай культурнай эліты.

Сапраўднымі творцамі і носьбітамі культуры працягвалі заставацца шырокія масы грамадства — сяляне, казакі, рамеснікі. Украінская культура на працягу працяглых перыядаў сваёй гісторыі развівалася як народная. У ёй вялікае месца займалі фальклор, народныя традыцыі, якія дабаўлялі ёй асаблівыя зачараванне і каларыт. Асабліва ярка гэта выявілася ў мастацтве — народных думах, песнях, танцах, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Менавіта дзякуючы захаванню і працягу традыцый, карані якіх паходзяць да культуры Кіеўскай Русі, сталі магчымымі ўздым ўкраінскай культуры ў 16 — 17 стагоддзях і культурнае адраджэнне ў 19 стагоддзі.

Развіццю нацыянальнай культуры сучаснай Украіны перашкаджаюць эканамічныя цяжкасці, якія краіна перажывае з самага пачатку свайго незалежнага існавання. Фінансавыя праблемы не дазваляюць павышаць тыражы ўкраінскіх выданняў, камерцыйная літаратура збольшага завозіцца з Расіі. З’явілася раздзяленне культуры на элітарную і масавую, краіна сутыкнулася з такой з’явай як амерыканізацыя культуры.

Кінематограф

Украіна аказала ўплыў на гісторыю кінематографа. Вядомыя ўкраінскія рэжысёры ўключаюць у сябе Аляксандра Даўжэнку і Сяргея Параджанава. Даўжэнка часта згадваецца як адзін з самых важных ранніх кінавытворцаў СССР, а таксама з’яўляецца піянерам тэорыі мантажу СССР і адным з заснавальнікаў Кінастудыі Даўжэнкі. Параджанаў быў армянскім рэжысёрам, які ўнёс значны ўклад ва ўкраінскае, армянскае і грузінскае кіно і вынайшаў свой уласны стыль, украінскі паэтычны кінематограф, які моцна адрозніваўся ад кіруючых прынцыпаў сацыялістычнага рэалізму.

Іншыя важныя рэжысёры Украіны ўключаюць Кіру Муратаву, Ларысу Шэпіцька, Сяргея Бандарчука, Леаніда Быкава, Юрыя Ілленку, Леаніда Асыку, Ігара Падальчака і Марыну Вроду. Многія ўкраінскія акцёры дамагліся міжнароднай вядомасці і прызнання кінакрытыкаў, у тым ліку Вера Халодная, Багдан Ступка, Міла Ёвавіч, Вольга Курыленка, Рэната Літвінава і Міла Куніс.

Нягледзячы на вялікі ўклад у сусветны кінематограф, украінская кінапрамысловасць часта характэрызуецца дэбатамі аб сваёй ідэнтычнасці і ўзроўню расійскага і еўрапейскага ўплыву. Украінскія дзеячы прымаюць актыўны ўдзел у той час, як украінскія акцёры і рэжысёры рэгулярна працуюць у расійскім (раней СССР) кіно. Шмат паспяховых фільмаў былі заснаваныя на ўкраінскіх падзеях і гісторыях, у тым ліку «Браняносец Пацёмкін», «Чалавек з кінаапаратам» і «Усё асветлена».

Дзяржаўнае агенцтва Украіны па пытаннях кіно валодае Нацыянальным цэнтрам Аляксандра Даўжэнкі, дзяржаўным кінаархівам і капіявальнай лабараторыяй, а таксама прымае ўдзел у правядзенні Адэскага міжнароднага кінафестывалю. Іншы фестываль, «Маладосць» у Кіеве, з’яўляецца адзіным міжнародным кінафестывалем ва Украіне, акрэдытаваным Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсераў (фр.: Fédération Internationale des Associations de Producteurs de Films (FIAPF)), і штогадова праходзіць у кастрычніку. Яго конкурсная праграма ўключае ў сябе секцыі студэнцкіх фільмаў, кароткаметражных фільмаў і поўнаметражных фільмаў з усяго свету.

Дачыненні з Беларуссю

17 ліпеня 1995 года прэзідэнты Беларусі і Украіны Аляксандр Лукашэнка і Леанід Кучма адпаведна падпісалі ў Мінску дамову аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве. У маі 1997 краіны падпісалі дагавор аб дзяржаўнай граніцы, ратыфікавалі яго, але не абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі. Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка ў 2005 і 2006 гады сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам ў рамках самітаў СНД

Гл. таксама

Крыніцы

  1. Валентин Згурський: Правду про чорнобильську аварію в перші дні знали всього три людини: Горбачов, Рижков і я. Інтерв’ю 2013 року. Частини I—III, — Гордон, 27 жовтня 2016 (руск.)
  2. Про розгляд вимог студентів, які проводять голодування … | від 17.10.1990 № 402-XII
  3. АКТ ПРОГОЛОШЕННЯ НЕЗАЛЕЖНОСТІ УКРАЇНИ. resource.history.org.ua. Праверана 29 ліпеня 2019.
  4. а б «Україні не потрібно виходити із СНД — вона ніколи не була і не є зараз членом цієї структури» - Павло Клімкін
  5. Порошенко опублікував указ про вихід України із міжнародних договорів СНД | Українська правда (pravda.com.ua)
  6. Росія не визнає новий уряд
  7. Vladimir Radyuhin, "Putin thanks India for its stand on Ukraine, " The Hindu, March 18, 2014
  8. Ott Ummelas and Aaron Eglitis, «Putin on Ukraine Okay With China-Syria-Venezuela Minority» Bloomberg.com, Mar 11, 2014 4
  9. SOMINI SENGUPTAMARCH, «Russia Vetoes U.N. Resolution on Crimea» The New York Times, March 15, 2014
  10. Sullivan, Tim (1 March 2014). "Russian troops take over Ukraine's Crimea region". Associated Press.
  11. а б в Ukraine crisis timeline, BBC News
  12. Ukraine underplays role of far right in conflict, BBC News (13 December 2014)
  13. Fergal Keane reports from Mariupol on Ukraine’s 'frozen conflict', BBC News (12 December 2014)
  14. Half a million displaced in eastern Ukraine as winter looms, warns UN refugee agency, United Nations (5 December 2014)
  15. Ukraine conflict: Refugee numbers soar as war rages, BBC News (5 August 2014)
  16. UN Says At Least 6,400 Killed In Ukraine’s Conflict Since April 2014, RFE/RL (1 June 2015)
  17. Kyiv, Moscow to hold talks on troop withdrawal, prisoner swap in eastern Ukraine, Daily Sabah (10 December 2020)
  18. EU signs pacts with Ukraine, Georgia and Moldova, BBC News (27 June 2014)
  19. European Commission - EU-Ukraine Association Agreement fully enters into force. europa.eu. (Press release)
  20. Україна остаточно вийшла з СНД. espreso.tv. Праверана 19 мая 2018.
  21. "Президент підписав Указ про остаточне припинення участі України у статутних органах СНД — Офіційне інтернет-представництво Президента України". Офіційне інтернет-представництво Президента України [ua]. Праверана 2018-05-19.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: невядомая мова (спасылка)
  22. The law amending the Constitution on the course of accession to the EU and NATO has entered into force | European integration portal (укр.)(недаступная спасылка). eu-ua.org. Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2020. Праверана 23 сакавіка 2021.
  23. Kitsoft. Кабінет Міністрів України — Новим Прем'єр-міністром України став Олексій Гончарук (укр.). www.kmu.gov.ua. Праверана 6 ліпеня 2020.
  24. "Гончарука звільнили з посади прем'єра й відставили весь уряд". BBC News Україна(укр.). 2020-03-04. Праверана 2020-07-06.
  25. Денис Шмигаль – новий прем’єр України (укр.). Українська правда. Праверана 6 ліпеня 2020.
  26. Lithuania, Poland and Ukraine Inaugurate ‘Lublin Triangle’. Jamestown.
  27. УКАЗ ПРЕЗИДЕНТА УКРАЇНИ №43/2021 (укр.). Офіційне інтернет-представництво Президента України. Праверана 6 лютага 2021.
  28. "Зеленський‌ ‌"вимкнув"‌ ‌112,‌ ‌ZIK‌ ‌і‌ ‌NewsOne‌ ‌з‌ ефіру. Що відомо‌". BBC News Україна(укр.). Праверана 2021-02-06.
  29. УКАЗ ПРЕЗИДЕНТА УКРАЇНИ №64/2021 (укр.). Офіційне інтернет-представництво Президента України. Праверана 20 лютага 2021.
  30. Зеленський ввів у дію санкції проти Медведчука (укр.). Українська правда. Праверана 20 лютага 2021.
  31. NATO — News: Brussels Summit Communiqué issued by the Heads of State and Government participating in the meeting of the North Atlantic Council in Brussels 14 June 2021, 14-Jun.-2021
  32. Україна, Грузія та Молдова створили новий формат співпраці для спільного руху в ЄС. www.eurointegration.com.ua.
  33. У 2024 році Україна подасть заявку на вступ до ЄС. www.ukrinform.ua.
  34. В Україні зареєстрували перший випадок коронавірусу (укр.). www.ukrinform.ua. Праверана 6 ліпеня 2020.
  35. МОЗ: в Україні зареєстрували вакцину Oxford/AstraZeneca (Covishield) (укр.). Радіо Свобода. Праверана 24 лютага 2021.
  36. В Україні зареєстрували вакцину Pfizer від COVID-19 – МОЗ (укр.). Радіо Свобода. Праверана 24 лютага 2021.
  37. В Україні вже вакцинували від коронавірусу першу людину: хто отримав щеплення (укр.). ТСН.ua (24 лютага 2021). Праверана 24 лютага 2021.
  38. Как в российской оккупации дети учатся в украинских школах (руск.). Deutsche Welle (14 снежня 2023).
  39. Маніпуляція пропаганди про підтримку української мови на ТОТ Запорізької області (укр.) (17 мая 2024).
  40. Русификация оккупированных регионов Украины (руск.). Euronews (20 лістапада 2023).

Літаратура

  • Геаграфія мацерыкоў і краін: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / Н. У. Навуменка, М. Л. Страха; пад рэд. Н. У. Навуменка; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. — 2-е выд., перапрац. — Мінск: Нар. асвета, 2011. — 229 с. : іл. ISBN 978-985-03-1594-6
  翻译: